ЦУКРО́ВЫ ТРЫСНЁГ (Saccharum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). 5—10 відаў. Пашыраны ў трапічным, некаторыя ў субтрапічных паясах. Радзіма — Паўд.-Усх. Азія. У культуры Ц.т. высакародны (S. officinarum), вядомы за 3 тыс. гадоў да н.э. ў Індыі, з 6 ст. н.э. ў краінах Б. Усходу, Міжземнамор’я і Кітаі, з 16 ст. ў Паўд. Амерыцы і на Кубе.

Шматгадовыя (па-за тропікамі аднагадовыя) расліны. Сцёблы выш. да 6 м, таўшчынёй да 5 см. Суквецце — моцна разгалінаваная мяцёлка даўж. 70—90 см, пушыстая ад доўгіх шаўкавістых валаскоў, якія акружаюць кожны каласок. Сцёблы Ц.т. высакароднага маюць 10—18% цукрозы, спажываюцца ў ежу. З іх атрымліваюць больш за 60% цукру, што выпрацоўваецца ў свеце. З мелесу гатуюць ром. Адходы выкарыстоўваюць у буд-ве і на паліва.

В.​М.​Прохараў.

Плантацыя цукровага трыснягу высакароднага.

т. 17, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)